Наверх

Станаўленне нацыі: салідарнасць, рэгіянальная спецыфіка і небяспека канфрантацыі

Апошнія тыдні сталі без перабольшвання пераломнымі ў гістарычным развіцці нашай краіны і нацыі за апошнія дзясяткі год. Нечаканая рэакцыя грамадства і палітычны, а цяпер ужо, відаць, і эканамічны крызіс высвецілі прыкметы таго, што краіна ніколі ўжо не будзе ранейшай – хто ўжо толькі гэта не адзначаў. Месяц таму цяжка было сабе ўявіць такую нацыянальную салідарнасць і глыбокае пераасэнсаванне грамадствам сябе і сваёй ролі ва ўласным лёсе. Разам з тым, далейшае развіццё падзей дакладна прагназаваць мала хто бярэцца. Але ўжо зараз можна вылучыць асаблівасці, якія паўплываюць на развіццё краіны ў доўгатэрміновай перспектыве – і, у тым ліку, рэгіянальныя асаблівасці і культурную арыентацыю.

Падзеі апошніх дзён высвечваюць досыць рэдкую культурную сітуацыю, хаця моўная і культурная тэматыка не з’яўляецца лейтматывам пратэстнага руху. Пры пераважнай рускамоўнасці насельніцтва ва ўсіх рэгіёнах краіны пратэстны рух карыстаецца абедзвюма дзяржаўнымі мовамі пры заўважнай перавазе рускай – але беларуская мова пры гэтым з’яўляецца важным культурным ідэнтыфікатарам, што дае зрабіць папярэднія высновы пра далейшае культурнае развіццё і ідэнтычнасць беларусаў. Красамоўным з’яўляецца дастаткова нечаканае, асабліва для старога нацыяналістычнага дыскурсу, спалучэнне традыцыйнай нацыянальнай сімволікі (бела-червона-белых сцягоў і Пагоні) і лозунгаў (“Жыве Беларусь”, “Верым, можам, пераможам”) з рускамоўнымі, але нацыянальна акрэсленымі песнямі (як лейтматыў гучыць формула “мы беларусы”, падобнае спалучэнне рускай мовы з беларускай нацыянальнай ідэнтыфікацыяй назіралася ў беларускай поп-культуры і раней, але было хутчэй маргінальным і не мела такога мабілізацыйнага патэнцыялу). З гістарычных аналогій напрошваецца хіба прыклад Ірландыі, дзе нацыянальная культура стала карыстацца найперш англійскай мовай пры скрайне моцнай нацыянальнай кансалідацыі ў процістаянні брытанскаму каланіялізму.

Адзін са стэрэатыпаў пра Беларусь, які часткова пацвярджаецца фактамі – яе культурная і ментальная маналітнасць. Хаця і адзначаецца слабы падзел беларускай нацыі і ці не адсутнасць рэгіянальнай адасопленасці, уласцівай, напрыклад, Украіне, ёсць свае нюансы. Не назіраная раней ніколі нацыянальная салідарнасць адцяняецца ўсё ж наяўнымі рэгіянальнымі асаблівасцямі – дастаткова параўнаць спецыфіку пратэстнага руху ў Гродзенскай і Магілёўскай абласцях і наяўныя вынікі, адзначыць адносную пасіўнасць насельніцтва ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі.

Варта заўважыць, што традыцыйным стэрэатыпам пра ўсходнія рэгіёны краіны з’яўляецца іх меркаваная русіфікаванасць, большае прыцягненне да рускай культуры і мовы. Разам з тым, наяўная сітуацыя гэтага не пацвярждае, і ўжо толькі лянівы не казаў пра доўгачаканае канчатковае станаўленне нацыі – нацыі гамадзянскай, палітычнай і збольшага рускамоўнай, але з немалой увагай да беларускай этнічнай культуры і сімвалаў.

Трэба разумець, што гэта не вокамгненны працэс і пры любым выніку наяўных падзей, сведкамі якіх мы з вамі з’яўляемся, адзначаны многімі пералом у мысленні і паводзінах беларусаў насамрэч будзе працяглым і старыя патэрны паводзін і звычкі хутчэй за ўсё будуць уласцівыя частцы насельніцтва яшчэ доўга – і гэта цягне за сабою небяспеку палярызацыі грамадства, якая ўжо і назіраецца. Асаблівую небяспеку для будучага нацыянальнага і рэгіянальнага развіцця, асабліва на ўсходзе, уяўляе сабой актывізацыя ідэяў “рускага свету”, якая пакуль што не відавочная, але занадта доўга гэтая тэма была цэнтрам увагі і дзейнасці многіх грамадскіх арганізацый і публіцыстаў. Неабходна асэнсоўваць і небяспеку радыкалізацыі як пратэстнага руху, так і рыторыкі афіцыйных мас-медыя, улічваючы інфармацыю пра ўплыў на дзяржаўную медыясферу замежных (расійскіх) адмыслоўцаў і магчымы пачатак “гібрыднай інтэрвенцыі” са спробай стварэння ў грамадстве процістаяння паміж рознымі культурнымі арыенцірамі і маркерамі (беларуская і руская мова, праваслаўныя і каталікі і г.д.) .

Зараз цяжка складаць хоць неяк аддалены прагноз наступных падзей, але адзін з магчымых сцэнарыяў – ажыўленне і аздараўленне палітычнага жыцця грамадства з стварэннем сапраўды актыўных палітычных партый і рухаў. Пры гэтым трэба разумець, што адносна слабы рэгіянальны падзел краіны не азначае поўную адсутнасць рэгіянальных асаблівасцяў – і гэта можа адлюстравацца на палітычным малюнку. Палітычны падзел можа адбыцца і ў маштабе ўсёй краіны без прывязкі да рэгіёну – лёгка ўявіць сабе будучую партыю ці настальгічны прыхільнікаў наяўнага курсу дзяржавы ў выпадку, калі гэты курс нейкім чынам зменіцца. Для многіх нечаканай стала папулярнасць сімволікі і маркераў, якія пры ўсёй сваёй гістарычнай ролі доўгі час былі сімваламі невялікай часткі насельнітва, а цягам апошніх тыдняў  аб’ядналі мноства нашых суграмадзян. Але разам з тым трэба чакаць, што  доля тых, хто будзе арыентавацца на старыя прынцыпы, сімволіку і маркеры, будзе дастаткова высокай.

Беларусі і яе рэгіёнам жыццёва неабходна пазбегнуць паўтарэння ўкраінскага сцэнарыя, дзе непаразуменні паміж культурнымі арыентацыямі рэгіёнаў сталі адной з нагодаў узброенага канфлікту. Надзейным антыдотам ад падобнай канфрантацыі можа з’яўляцца новая нацыянальная салідарнасць – з павагай да любой мовы стасункаў і спакойным узаемадзеяннем і ўзаемаабагачэннем культурных кампанентаў, але з дастатковай увагай да ідэнтычнасці і такіх неабходных індыкатараў, як нацыянальная мова і культура.

Аляксей Карпенка

Author avatar
Молодые Эксперты
https://expertclub.by
Молодые авторы и начинающие эксперты. Есть что расказать? или хочешь стать частью комьюнити? Раскрывать вопросы и насущные проблемы , а также находить новые решения для повышения уровня жизни своего города ? НАПИГИ НАМ! egexpertclub@gmail.com

оставить коментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *