Наверх

Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у разрэзе рэгіенаў

Шырокі розгалас сёлета атрымала нацыянальнае даследаванне «Каштоўнасці і нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў», ініцыянаванае грамадскімі кампаніямі «Годна» і «Будзьма Беларусамі!» і праведзенае кампаніяй SATIO. 

Посмотреть презентацию 

На мэце ставіўся пошук адметных рысаў, падзей, асобаў, кодаў, каштоўнасцяў Беларусі і фарміраванне пазітыўнага вобразу беларуса ў выглядзе наыянальнай ідэі дзеля яе папулярызацыі і пашырэння. Прэзентацыя першай часткі вынікаў даследавання адбылася 30 чэрвеня і прыцягнула да сябе ўвагу медыясферы.

Натуральна, праблематыка і мэта гэтага даследавання былі і застаюцца актуальнымі і будуць такімі надалей як важныя ў пошуку належнай  рэакцыі на выклікі, якія паўстаюць перад беларускай нацыяй у кожнай канкрэтнай сітуацыі з цягам часу. Скрайне важным з’яўляецца стварэнне нацыяй уласнага вобразу, рэфлексія і адэкватнае ўспрыманне самой сябе, якое грунтуецца пры гэтым на пазітыўных рысах і патэрнах паводзін, што з’яўляецца ключавым момантам у прыманні далейшых крокаў і развіцці. Разам з тым, аб’ём прадстаўленага матэрыялу, акцэнты ў ім і падборка рэспандэнтаў выклікае шэраг пытанняў, асабліва ў кантэксце асаблівасцяў асобных беларускіх рэгіёнаў. Прэзентаваныя яшчэ не ўсе вынікі даследавання і, верагодна, частка пытанняў хаця б да нейкай ступені будзе вырашана ў наступных прэзентацыях, але шырокі, нацыянальны маштаб пастаўленых мэтаў (пашырыць нацыянальную ідэю на ўсё грамадства) прымушае звярнуць увагу на немалаважныя дэталі.

Мы не маем на мэце аспрэчыць ці глыбока прааналізаваць саму пададзеную ў даследаванні інфармацыю – гэта вымагае асобнай працяглай працы ўжо на ўзроўні рэгіёнаў і больш дакладных дадзеных, але асобныя моманты неабходна вылучыць. Так, адразу кідаецца ў вочы сумніўная рэпрэзентатыўнасць выбаркі рэспандэнтаў –  заяўлена, што ўсе 1589 рэспандэнтаў, якія ўдзельнічалі ў апытанні, якое прэтэндуе на нацыянальны маштаб, прадстаўляюць гарадское насельніцтва. Магчыма, гэта і адпавядае заяўленым мэтам даследавання, але ў такім выпадку выклікае пытанні наконт яго навуковай каштоўнасці і практычнага значэння. Хаця ўжо даўно і стала гарадское насельніцтва Беларусі складае абсалютную большасць, але на поўную і даставерную рэпрэзентацыю ў такім выпадку даследаванне наўрад ці можа прэтэндаваць.

Другая дэталь, якая вымагае пільнай увагі – не поўнасцю пададзеная інфармацыя па рэгіянальным аспекце даследавання.  Нагадаем, што рэспандэнты ў ходзе даследавання былі падзеленыя на чатыры групы – “Свядомыя, “Абыякавыя”, “Савецкія” і “Канформныя”, якія вылучаюцца рознай ступенню прыхільнасці да каштоўнасцяў і рысаў, пазначаных як “беларускае”, “савецка-расійскае” і “касмапалітычнае”. На жаль, з прадстаўленых дадзеных цяжка зрабіць вычарпальныя вынікі аб рэгіянальнай структуры дадзеных груп – пададзены толькі агульныя рысы па некаторых рэгіёнах, кшталту “сярод свядомых больш мінчукоў, менш з вялікіх гарадоў і Гомельскай вобласці”. Пры гэтым дзве вобласці не згадваюцца ўвогуле – няма інфармацыі ні пра Магілёўшчыну, ні пра Брэстчыну, ды і больш дакладна ведаць пра стан свядомасці і працэнтнае размеркаванне згаданых груп было б болей чым важна.  Спадзяёмся толькі, што падрабязная статыстыка, апрацаваная аўтарамі даследавання, усё ж існуе і з’явіцца ў далейшых частках даследавання (змястоўнага анонсу якіх таксама не хапае), альбо будзе пададзена асобна.

Наўрад ці могуць быць сумневы ў важнасці даследавання нацыянальных вобразаў, рысаў і каштоўнасцяў у рэгіянальным разрэзе – Беларусь уяўляе сабой даволі разнастайную краіну з дастаткова адрознымі гістарычнымі, культурнымі, рэлігійнымі, моўнымі традыцыямі. Стварэнне агульнанацыянальнага вобразу і даследаванне яго ўспрыняцця ў нацыянальным маштабе немагчыма без разгляду рэгіянальнага аспекту. Ды і прыклад іншых еўрапейскіх дзяржаў з развітым рэгіяналізмам і падтрымкай мясцовых асаблівасцяў і ўлікам іх у агульнанацыянальных і агульнаеўрапейскіх працэсах напрошваецца сам сабой.

Такім чынам, складана аспрэчваць важнасць самой тэмы і праблематыкі згаданага даследавання, але відавочна не хапае ўвагі рэгіянальным асаблівасцям. Адэкватнае разуменне сітуацыі ў нацыянальным маштабе немагчымае без больш падрабязнага вывучэння рэгіянальных аспектаў, якія ўплываюць на агульную карціну і прыманне неабходных далейшых захадаў. Спадзяёмся, што аўтары даследавання ўсё ж звярнулі на гэта ўвагу і яшчэ пададуць больш падрабязную інфармацыю ў далейшых частках. У любым выпадку, гэта з’яўляецца выклікам і стымулам для далейшых даследаванняў, якія мусяць быць больш сканцэнтраваныя на сітуацыі ў асобных рэгіёнах, у тым ліку на Магілёўшчыне і ўсходзе краіны ўвогуле.

Author avatar
Алексей Карпенко

оставить коментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *